„Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства”



Адмыслова да летніх вакацый у выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла кніга Алега Грушэцкага «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства» — прыгодніцкае фэнтэзі на падставе беларускага фальклору. Галоўныя героі ў ёй — міфічныя персанажы і істоты з беларускіх паданняў: непераможны Цмок, волат Вярнігара, прыгажуні-вужалкі, гарцукі і злыдні, ваўкалакі, лясун, багнік Кадук… Кніга ўнікальная тым, што яе можна назваць сапраўдным беларускім фэнтэзі. Больш таго — кніга напісаная па-беларуску.

Падзеі, якія адбываюцца ў кнізе, разгортваюцца акурат падчас летніх вакацый, калі юныя брат і сястра, Янка і Мілана, прыязджаюць на лета ў вёску і выпадкова знаходзяць у дзедавай каморы загадкавае старажытнае люстэрка, упрыгожанае шляхецкім гербам, праз якое трапляюць у таямнічае каралеўства Сварга, якое нагадвае беларускае Сярэднявечча. Згодна са старажытнай легендай, юнакам належыць выратаваць каралеўства ад злога караля-чараўніка Волха, які падступна захапіў трон. Іх чакаюць сапраўдныя прыгоды і рыцарскія бітвы, барацьба за волю і вызваленне краю ад ненавісных чорных ваўкалаў. Але цяжкасці і пераадоленне ўласных страхаў толькі гартуюць і зробяць са звычайных хлопчыка і дзяўчынкі сапраўдных герояў.

Кніга разлічаная на дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Яна стане выдатным падарункам дзіцяці, каб цікава і з карысцю правесці час на летніх вакацыях. Набыць кнігу можна ў кнігарні «Акадэмічная кніга» альбо замовіць на Biblio.by ці Oz.by. Таксама можна пытаць твор у бібліятэках.

Аўтар кнігі – Алег Грушэцкі, журналіст, публіцыст, літаратар. Піша вершы, казкі і фэнтэзі на беларускай мове. Лаўрэат шэрагу творчых прэмій. У мінулым — удзельнік гісторыка-культурнага таварыства «Талака», першага беларускамоўнага летніка «Грунвальд», адзін з заснавальнікаў і арганізатараў скаўцкага руху на Беларусі. Бацька траіх дзяцей – двух сыноў і дачкі. Дачка — выхаванка беларускамоўнага садка.

Ілюстратар кнігі — таленавіты мастак Віктар Козел, выкладчык па маляванню ў Крупіцкай школе мастацтваў і таксама шматдзетны бацька — мае траіх дачок. Рэдактар кнігі — Аксана Спрынчан, дзіцячая пісьменніца, адзін з лепшых рэдактараў Беларусі, пераможца шэрагу творчых прэмій, дырэктарка Паэтычнага тэатра «Арт. С.».

Азнаёміцца з фрагментам кнігі можна тут.